Па тэмпах жніва РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» трэці ў раёне
Залатымі «шпулькамі» саломы жніво наблізілася да рубікону: раённыя аграрыі абмалацілі больш за палову плошчаў збожжавых і зернебабовых.
Па тэмпах уборачнай кампаніі ў раённым табелі рангаў на трэцяй пазіцыі трывала замацаваліся хлебаробы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», прапусціўшы наперад КСУП «Гервяты» і «Гудагай». Хоць ураджайнасць збожжавых у гаспадарцы не ідзе ні ў якое параўнанне з тым жа «Гудагаем», механізатары з дня ў дзень малоцяць збажыну – балазе, надвор’е змяніла гнеў на міласць. І такая самаадданасць камбайнераў на жніве, па ўсім бачна, дасць свой плён (каб не сурочыць!) – упершыню за шмат гадоў у кагорце пераможцаў жніўнага спаборніцтва павінны з’явіцца і прозвішчы саўгасных хлебаробаў…
Але пра ўсё па парадку.
Для Дзмітрыя Малючака ў якасці галоўнага агранома ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» сёлетняе жніво – першае. На працу ў гаспадарку малады чалавек прыехаў у верасні мінулага года і паспеў зрабіць свой унёсак ва ўраджай 2019-га.
Галоўны аграном Дзмітрый Малючак
– Спадзяваўся, што рапс і збожжавыя ўродзяць лепш: крыжакветкавы даў на круг толькі 18 цэнтнераў, збажына сыплецца пад 23 цэнтнеры з гектара – на фоне мінулагодняга ўраджаю лічбы, канешне, нядрэнныя. Летась ураджайнасць рапсу была ўсяго каля 10 цэнтнераў з гектара, збожжа – 19,5. Вясной пасевы апрацавалі ад шкоднікаў і пустазелля, у час падкармілі, а дажджоў не было – колас цалкам не паспеў наліцца. У апошнія гады азімыя больш ураджайныя – яны вясной атрымалі крыху вільгаці, у адрозненне ад яравых, – расказвае галоўны тэхнолаг саўгасных палёў. – Ды і жніво сёлета пачалося на два тыдні раней, чым звычайна. Важна без страт убраць ураджай, бо на подступах – азімая сяўба. Тыдзень-два – і рапс можна сеяць. Галоўнае – не прапусціць аптымальныя тэрміны.
З дзяржазаказам на пастаўку насення рапсу, пад які сёлета ў саўгасе адведзена 350 гектараў, падальчане цалкам справіліся: на Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў паступіла 300 тон крыжакветкавага.
На ўборцы новага ўраджаю ў гаспадарцы працуюць 8 камбайнаў, якія разбіты на два звяны. Іх агульнымі намаганнямі за дзень у саўгасе абмалочваецца каля 115 гектараў ніў, ці 6 % ад плана. У залежнасці ад нагрузкі на адвозцы збожжа задзейнічана ад 4 да 7 адзінак тэхнікі.
Аляксандр Казлоўскі з сынам Кірылам
Загадчыца зернесклада ў Рытані Дзіяна Заянчкоўская
Для Івана Аўгуля сёлетняя ўборка – дваццаць другая
Аператар зернесушылкі Дзяніс Котаў
Віктар Мундуць загружае збожжа ў кузаў аўтамабіля
Усё збожжа на зернескладзе перавозіць Аляксандр Янкойць
Для камбайнера Аляксея Раўды сёлетняе жніво – васямнаццатае. За ўсе гады працы механізатар найбольш намалочваў 700 тон збожжа.
– Да тысячы, на жаль, так і не даходзіў, – расказвае Аляксей. – Ды і чаго хацець ад майго камбайна? Дзякаваць богу, не падводзіць – сам рыхтаваў яго да ўборкі. У нас, камбайнераў, нават прыказка ёсць: не хочаш круціць камбайн у майстэрні – папацееш у полі.
Камбайнер Аляксей Раўда
Старанна свой жніўны «карабель» да ўборкі рыхтаваў адзін з вопытнейшых камбайнерскіх экіпажаў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – Дзмітрый Шэша і Міхаіл Козел. Неаднойчы яны першымі ў гаспадарцы намалочвалі тысячу тон збожжа і рапсу, але прабіцца ў лік пераможцаў раённага жніва ў хлебаробаў некалькі гадоў запар не атрымлівалася. Відаць, сёлётні год стане выключэннем – і прозвішчы саўгасных хлебаробаў, нарэшце, трапяць у пяцёрку першых «тысячнікаў»-камбайнераў. Пра гэта можна меркаваць, зыходзячы са звестак інфарматара жніва, які штодзень абнаўляе райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Камбайнерскі экіпаж у складзе Дзмітрыя Шэшы і Міхаіла Козела
– Некалькі сезонаў вучыўся майстэрству ўборкі ў вопытных механізатараў, – расказвае Дзмітрый Шэша. – Камбайнерам працую дванаццаты сезон запар. Пачынаў з «Нівы», шэсць гадоў таму перасеў на КЗС-1218. Убіраем ураджай разам з цесцем. Колькі найбольш намалочваў? Напэўна, у 2015 годзе – разам з Іосіфавічам «набілі» амаль 2 тысячы тон збожжа, – тады не толькі ў нас, але і ва ўсім раёне на славу ўрадзіла.
– Год на год не прыходзіцца, – да размовы далучаецца памочнік камбайнера Міхаіл Козел. – «Тысячу» дакладна возьмем!