+375 (1591) 7 94 86

аг. Рытань вул. Першамайская, 1

 

 
 
Главная » Новости » 15. 11. 2019

На Астравеччыне вызначылі лепшага аратага

Па ініцыятыве Астравецкага раённага выканаўчага камітэта і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства механізатараў. На працягу двух дзён на варнянскіх палях працаўнікі высвятлялі, хто з іх лепшы араты.

IMG_0853.jpg

Удзельнічала ў конкурсе 16 чалавек. Да слова, як і летась, спаборніцтва сярод механізатараў праходзіла ў дзвюх катэгорыях: энерганасычаныя і трактары МТЗ. Надзелы для ворыва вызначала жараб’ёўка, а вось работу механізатараў па 10-бальнай шкале ацэньвала экспертная камісія. У ідэале кожны араты мог набраць 80 балаў, за дапушчаныя хібы ачкі здымаліся. Улічваліся правільнасць настройкі плуга, якасць і аб’ём ворыва, яго глыбіня, шырыня захопу, выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і іншыя.

Час работы механізатараў не абмяжоўваўся. І гэтым скарысталіся многія работнікі: некаторыя працавалі да самай раніцы. Праўда, на другі дзень у полі механізатары былі толькі да 16 гадзін, а праз гадзіну ў адміністрацыйным будынку КСУП «Варняны» былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны лепшыя механізатары.

Трэці год запар лепшым аратым стаў Анджэй Ясевіч з КСУП «Гервяты», які на «Джон-Дзіры» заараў 93 гектары і набраў максімальныя 80 балаў. Крыху саступіў яму Пётр Сяргей з КСУП «Гудагай», а трэцяе месца заняў Андрэй Махонька з КСУП «Гервяты».

У другой катэгорыі механізатараў, якія працавалі на трактарах МТЗ, роўных не было Міхаілу Грузду з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», які заараў 22 гектары і набраў 77 балаў. Яго калега Іван Аўгуль заняў другое месца, а тройку лідараў замкнуў Віктар Міхайлоўскі з КСУП «Варняны».

IMG_0870.jpg

Сярод механізатараў, якія працавалі на трактарах МТЗ, лепшым аратым стаў Міхаіл Грузд 

 

IMG_0868.jpg

 

Іван Аўгуль з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» ў раённым конкурсе заняў ІІ месца

 

За волю да перамогі быў адзначаны Уладзімір Мятлеўскі з КСУП «Варняны», які не спыняў свайго вернага каня да самай раніцы. Мужчына заараў 90 гектараў, але падвяла якасць ворыва.

Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі грашовыя прэміі і заработную плату за два дні.

Віншуючы аратых, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Умрыхіна падзякавала механізатарам за плённую працу.

IMG_0892.jpg

Лепшых аратых з перамогай віншуе першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Умрыхіна


ЛІЧБА

721 гектар зааралі падчас конкурсу.

 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Гунулич
 
 
©БЕЛТА