+375159179486

аг. Рытань вул. Першамайская, 1

 

 

 
 
Главная » Новости » 18. 11. 2019

Амаль пяцьдзясят гадоў у саўгасе «Падольскі» працуе Іосіф Шэша

Прозвішча Шэша добра вядома на Астравеччыне: Дзмітрый разам з цесцем Міхаілам Козелам з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» не раз першымі ў сваёй гаспадарцы намалочвалі тысячу тон збожжа, а сёлета пасля працяглага перапынку саўгаснаму камбайнерскаму тандэму на фінішнай прамой жніва ўдалося ўварвацца ў лік першых пяці «тысячнікаў» раёна. Калі пра маладога камбайнера наша газета пісала неаднойчы, то пра яго бацьку – Іосіфа Шэшу не даводзілася. Ды нагода надалася – свята аграрыяў. З механізатарам мы сустрэліся ля механічных майстэрняў у Падольцах.

– Усё жыццё працую ў адной гаспадарцы: аб’ядноўва­ліся калгасы, мяняліся старшыні і назвы гаспадарак, а я ўсё тут. Ды ўжо нікуды і не дзенуся, – з усмешкай расказвае мужчына. – Гэта цяпер маладыя шукаюць лепшай долі, а ў нас у свой час была толькі адна дарога – у калгас. Большасць вяскоўцаў працавала на палях і фермах – вёскі жылі, а не дажывалі, як цяпер. Іосіф Юльянавіч родам з вёскі Навасёлкі, што ў Гервяцкім сельскім Савеце. У Падольцы яго прывяло каханне. – Ніну прыслалі на працу да нас у магазін. Глянулася яна мне з першага позірку: прыветлівая, усмешлівая, – успамінае мужчына. – Калі пабраліся шлюбам, пераехалі на жончыну радзіму – у Падольцы. Праўленне калгаса дало жыллё, але з часам мы ўласны дом пабудавалі. У Шэшаў нарадзілася трое сыноў, двое з якіх, як і бацька, працуюць у саўгасе «Падольскі». – Валодзя брыгадзір раслінаводчага ўчастка ў Падольцах. Дзіма механізатар. Тэхніку ён ведае як свае пяць пальцаў: кормараздатчык дапамагае рамантаваць, а зі­мой, бывае, дае мне выхадны – падмяняе на комплексе. Апошнія дванаццаць гадоў механізатар на кормараздатчыку «Гаспадар» адзін корміць увесь малочна-таварны комплекс «Падольцы» – а гэта каля паўтары тысячы галоў. – У кормараздатчыку перамешваюцца мука, сілас, сянаж, жом і па транспарцёры трапляюць на кармавыя сталы, – расказвае пра сваю работу Іосіф Юльянавіч. – На комплекс я прыязджаю тры разы на дзень: раніцай, у абед і вечарам. Жывёла ж не будзе галоднай стаяць – як накормім, столькі малака і атрымаем. Іосіф Шэша з той, на жаль, знікаючай, катэгорыі вяскоўцаў, якія не могуць сядзець без працы. Шэшы трымаюць ладную гаспадарку і на сваім падворку. – А як жа без каровы ў вёсцы? – здзіўляецца мужчына. – Ёць кабанчыкі, куры – усё як мае быць. Праўда, гаспадаркай больш апякуецца жонка. Пакуль сілы ёсць – трэба рухацца! На развітанне цікаўлюся ў Іосіфа Юльянавіча, колькі гадоў ён працуе ў саўгасе. – Ой, нават і не злічу: да арміі тут працаваў і пасля дэмабілізацыі, дваццаць сем гадоў на трактары, апошні час на кормараздатчыку. Колькі гэта набягае? – мужчына стараецца падлічыць, а потым махае рукой. – Вы лепш у канторы пацікаўцеся, мне на комплекс пара – жывёлу карміць. На наступны дзень пасля нашай сустрэчы я патэлефанавала ў аддзел кадраў. Пачутае ўразіла: 48 гадоў і 7 месяцаў на адным месцы. Няма чаго дадаць. Нізкі паклон вам, Іосіф Юльянавіч, за працу і адданасць роднай зямлі! Текст: Алёна Ганулич Фото: Алёна Ганулич

 
 
©БЕЛТА