+375 (1591) 7 94 86

аг. Рытань вул. Першамайская, 1

 

 
 
Главная » Новости » 21. 07. 2020

Что хлеборобы называют «чёрным золотом»

Для некага чорнае золата – нафта, а для беларускіх земляробаў – рапс, насенне якога – каштоўная сыравіна для вытворчасці пажыўнага алею; макуха, што застаецца пасля перапрацоўкі, – пажыўная дабаўка ў рацыён жывёлы. А галоўнае – насенне рапсу карыстаецца попытам на рынку і добра цэніцца, таму прыбытак ад яго рэалізацыі істотны. За тое і любяць гэтую не самую простую ў вырошчванні культуру аграрыі.

І калі гараджане вясной з захапленнем фатаграфуюцца ў сонечна-жоўтых квітнеючых палетках рапсу, то для агранома лепшая карцінка – яго калючыя тугія стручкі: і не хочаш, а палічыш, колькі там дробненькіх, як макавае зерне, чорных семачак; колькі стручкоў на  галінцы ды галінак на тоўстай, як ляшчына, цыбіне…

4.jpg



Толькі гаварыць пра планы на ўраджай аграномы не любяць.

– Марная гэта справа, – перакананы дырэктар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзяніс Кірпа. – Рапс культура такая, што можна вырасціць, ды не сабраць: наляціць, да прыкладу, непагадзь – і ўсё на зямлю асыплецца. Колькі ўжо разоў у маёй практыцы падобнае здаралася. Пагэтаму ўраджай будзем лічыць, калі ён у засеках апынецца. І гэта тычыцца не толькі рапсу.

5.jpg



Да меркавання Дзяніса Ва­лер’­е­віча варта прыслухацца: сё­лета ў яго дзявятае жніво, трэцяе – на пасадзе дырэктара саўгаса.

Але сябар-аднакурснік Дзміт­рый Малючак, якога дырэктар пераманіў з Маладзечаншчыны, прапанаваўшы пасаду галоўнага агранома, радасці не хавае: ураджай у гэтым годзе прыкметна лепшы! Толькі б сабраць усё ў час і без страт…

– Праблем быць не павінна, – аптымістычна  заяўляе малады аграном. – Так, нагрузка на камбайн высакаватая, але набылі два новых, экіпажы падабраны талковыя: людзі працуюць, не зважаючы на час. Так што, думаю, справімся. Зрэшты, іншага выйсця ў нас няма…

Сапраўды, з такімі кадрамі, што распачынаюць жніво, можна разлічваць на поспех. Да прыкладу, камбайнер Дзмітрый Шэша – асоба ў саўгасе, можна сказаць, легендарная: 18-ы сезон працуе на ўборцы, 13-ы – старэйшым кам­байнерам, а памочнікам усе гэтыя гады ў яго – цесць Міхаіл Козел.  Ці варта здзіўляцца, што ўсе 12 гадоў гэты камбайнавы экіпаж станавіўся лепшым у саўгасным спаборніцтве?

3.jpg



– Не ведаю, ці атрымаецца сёлета перамагчы, – паціскае плячыма Дзмітрый. – Канкурэнты сур’ёзныя з’явіліся, на новых камбайнах працуюць. Але спадзяёмся, што і наш сямігадовы «Мэрсэдэс Бэнц» (так жартам назваў свой КЗС Дзмітрый Шэша – Н.Р.)  не падвядзе!

На добры вынік настроены і «легіянеры»: камбайнавы экі­паж з Астравецкага лясгаса ў скла­дзе Віталя Тумінскага і Руслана Круглякоўскага. Яны атры­­малі новы камбайн «Палес­се» выт­вор­часці Гомсельмаша з юбі­лей­най лэйбай «75 год Пера­могі» – на такой машыне проста грэх не ўвайсці ў лік  пераможцаў. 

2.jpg



Дарэчы сказаць, хоць Віталь Анатольевіч цяпер працуе ма­шы­ністам харвардара, на жніве ён не навічок: 16 гадоў быў кам­байнерам у «Варнянах», а апош­нія 4, калі перайшоў у лясгас, таксама садзіцца за штурвал збожжаўборачнай машыны: і самому карысць, і гаспадарцы.

А вось Іван Родзь, які 20 гадоў працаваў дальнабойшчыкам, вы­рашыў, што час вяртацца на род­ную зямлю. Цяпер ён адво­зіць зерне ад камбайнаў. Гэтае жніво ў яго працоўнай біяграфіі – першае.

– Легіянеры, як вы кажаце, – доб­рае падспор’е для гаспадаркі, – гаворыць дырэктар саўгаса. – Вопытных механізатараў не так і шмат, а прыцягненне памочнікаў са старонніх арганізацый дазваляе нават у перыяд жніва не спыняць нарыхтоўку кармоў. Бо, хоць хлеб і ўсяму галава, але кармы для нас не менш важныя. Першы год, як мяне прызначылі дырэктарам, давялося дакупліваць зімой сянаж і сілас – няма нічога горш, скажу я вам, чым працаваць на прывазных кармах. На мінулую зімоўку фуражу назапасілі ўдосталь, а сёлета спадзяёмся стварыць паўта­рагадовы запас, як і належыць па тэхналогіі. Травы вырас­лі доб­рыя – па 100 цэнтнераў з гек­тара даюць, з першага ўкосу назапасілі на 5 цэнтнераў кармавых адзінак больш, чым было летась. Цяпер актыўна косім атаву. Кукуруза радуе – месцамі ўжо мяне перарасла, хоць бог ростам не пакрыўдзіў. (Смяецца.) Сёлета надвор’е хлебаробам пакуль спрыяе, калі і надалей не падвядзе, то будзем і з хлебам, і з кармамі.

1.jpg



Што ж, няхай так і станецца!
 


Лічба:

3 330 гектараў складае плошча збожжавых і зернебабовых культур у саўгасе «Падольскі». 

З іх 700 занята ячменем, 400 – яравой пшаніцай, 450 – азімай пшаніцай, 1 050 – трыцікале, 350 – азімым рапсам, 150 – яравым рапсам, 30 – грэчкай, 100 – зернебабовымі. 

На 19 ліпеня ўбрана 150 гектараў азімага рапсу, намалочана 300 тон.


 

Текст: Нина Рыбик

Фото: Нина Рыбик
 
 
©БЕЛТА