+375 (1591) 7 94 86

аг. Рытань вул. Першамайская, 1

 

 
 
Главная » Новости » 22. 07. 2021

Хто дапамагае саўгасу “Падольскі” на жніве

Традыцыйна жніво пачынаецца з уборкі азімага рапсу. Сёлета ж усё змяшалася на жніўным полі – прынамсі, падольскім. Рапс яшчэ даспяваў-наліваўся – а напачатку тыдня камбайны выйшлі на палеткі яравога ячменю, падсеянага канюшынай.

134.jpg

– Падгарэў ячмень, ледзь ад зямлі адскочыў – і закаласіўся, – расказвае па дарозе на поле дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктару Свілу, старшыні Падольскага сельсавета Рыгору Цэйку і журналісту раённай газеты дырэктар РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніс Кірпа. – Не ўхопім сёння, то і тых дваццаці цэнтнераў, што цяпер збіраем з гэтага гектара, не атрымаем….

Увогуле ж, па словах дырэктара, ураджай сёлета чакаецца меншы, чым летась.

– Азімыя нядрэнныя, павінны даць такі ж вал, як і ў мінулым годзе. Бяда ў тым, што не ўсё, што пасеялі з восені, перазімавала – 365 гектараў давялося перасяваць. А яравыя прыкметна слабейшыя. Ды і як не быць таму: май выдаўся халодным, а ў чэрвені ўдарыла спёка. Фаза кушчэння-калашэння, якая павінна доўжыцца месяц, завяршылася за паўтара тыдні – расліны выкінулі трубку. Таму недабор ўраджаю будзе адчувальны.

Тым больш вырашчанае трэба ўбраць з мінімальнымі стратамі – раскідвацца зернем не выпадае. Увесь ураджай, за выключэннем той тысячы тон, якую трэба рэалізаваць па дзяржаўнаму заказу, плануюць пусціць на камбікорм для саўгаснай жывёлы: мяса і малако – своеасаблівы манетны цэх гаспадаркі. І жывыя “станкі”, якія “куюць” саўгасную эканоміку, толькі тады дадуць аддачу, калі атрымаюць пажыўны і збалансаваны фураж – гэта аксіёма, вядомая ўсім. Толькі, на жаль, не ва ўсіх атрымліваецца яе прытрымлівацца.

– І ў нас не заўсёды атрымлівалася, – прызнаецца Дзяніс Валерьевіч. – Тры гады назад, калі мяне прызначылі дырэктарам, першую задачу, якую ставіў перад сабой і падначаленымі , – адысці ад прывазных кармоў, бо на іх прадукцыі не атрымаеш. Сёння кормім жывёлу яшчэ леташнім збожжам. Таму і сярэднесутачныя прывагі па 600-650 грамаў атрымліваем, а не па 300, як было раней, па 17 кілаграмаў малака ад каровы штодзень доім – па году мяркуем тысяч 5 надаіць ад кожнай каровы. Цяпер задача – забяспечыць гадавы запас кармоў, таму іх нарыхтоўцы надаём не меншую ўвагу, чым уборцы збожжавых. І гэтыя дзве важнейшыя работы вядём адначасова.

Але ж дзе людзей набрацца, каб у гарачы летні час усё рабіць адначасова?

– Памочнікаў добрых маем, – усміхаецца дырэктар. – Зараз з імі і пазнаёміцеся…

На полі ўбіралі ячмень убіралі 2 амаль новыя камбайны “Палессе”.

133.jpg

– Летась купілі, – гаворыць дырэктар. – Хацелі ў гэтым годзе яшчэ адзін прыдбаць – не атрымалася… І не таму, што 8 збожжаўборачных камбайнаў не хапае старэе тэхніка. Аднаму камбайну ўжо 22 гады, на хаду ён толькі таму, што гаспадара нязменнага мае, Іосіфа Жэгарыса, і той глядзіць яго, як ляльку. Як Віктар Марцінкевіч, што працуе на адвозцы збожжа, сваю машыну: “бабулька” 90-га года выпуску – а бегае, як маладая.

Тым часам ля нас спыняецца чырвоны велікан з надпісам “Палессе” на баку, на зямлю саскоквае камбайнер – і ўзнікае адчуванне, што я недзе бачыла гэтага дужага прыгожага мужчыну.

–Так, – усміхаецца Руслан Круглякоўскі, – летась вы прыязджалі да нас на жніво, я тады памочнікам у Віталя Тумінскага працаваў. Сёлета – камандзір экіпажа.

Руслан на жніве не першы год. Але ўпершыню падчас уборкі яму давялося браць адпачынак – цяпер ён працуе ў Астравецкім РЭС. Але прыйшла пара, саспела збожжа – камбайн паклікаў…

Віталь Тумінскі, які, як сам жартуе, вывеў былога памочніка у камбайнеры, таксама “прышлы”: месца яго пастаяннай працы – лясгас. Але за штурвалам камбайна ён нязменна больш за 20 гадоў, апошнія 3 – у “Падольскім”. У мінулым годзе стаў лепшым сярод камбайнераў саўгаса. Сёлета, мяркуе, канкурэнцыю яму складзе ўчарашні памочнік Руслан Круглякоўскі – дрэнны той вучань, які не пераўзыдзе настаўніка.

– Сёлета ў нас на жніве працуе 2 механізатары з лясгаса, па адным – з электрасетак і “атамкі”. На корманарыхтоўчым “Ягуары” заняты работнік ЖКГ. Практыка, лічу, вельмі добрая: саўгасныя механізатары займаюцца іншымі работамі – нарыхтоўкай кармоў, ворывам, падкормкай… А зарабіць у саўгасе сёння можна не толькі на жніве, лепшыя механізатары па 2-3 тысячы рублёў атрымліваюць. Толькі працуй, не лянуйся. Цяпер, дарэчы, за перапрацоўку – а яна ў сельскай гаспадарцы пастаянная, васьмігадзінны рабочы дзень і пяцідзённы тыдзень нам толькі сніцца – плацім своечасова і ўсім.

Так што працаваць у “Падольскім” цяпер не толькі цікава, але і выгадна.

А на жніве – яшчэ і прыгожа, і высакародна, і водрна!

132.jpg


 

 

 
 
©БЕЛТА